predsedatel
Раман Юр'евіч Сяргун

Старшыня Веткаўскага раённага выканаўчага камітэта

Мы рады вітаць Вас на сайце Веткаўскага раённага выканаўчага камітэта!

Веткаўшчына - незвычайны...

Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00

Веткаўскі раённы
выканаўчы камітэт
Ганаровага звання «Чалавек года» ўдастоены жыхары Веткаўшчыны

21.07.2025

Ганаровага звання «Чалавек года» ўдастоены жыхары Веткаўшчыны

Заснаванае ў Гомельскай вобласці ганаровае званне «Чалавек года» прысуджаецца за дасягненне высокіх вынікаў у рабоце, творчы падыход у прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Па традыцыі лаўрэатаў узнагароджваюць у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. За 17 гадоў існавання звання больш за 130 імёнаў былі ўпісаны ў гісторыю Гомельшчыны.

У 2025 годзе лаўрэатамі ганаровай прэміі «Чалавек года» ўдастоены 24 выдатныя жыхары вобласці: педагогі, урачы, ваенныя, аграрыі, кіраўнікі і дзеячы культуры. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Гомелі на плошчы Леніна.

Уручаючы ўзнагароду лаўрэатам, старшыня аблвыканкама Іван Крупко падкрэсліў: «Сёння, на скрыжаванні гістарычнай памяці і імкнення да развіцця, мы сабраліся, каб аддаць належнае людзям, чые прафесійныя дасягненні, грамадзянская актыўнасць і маральная стойкасць сталі прыкладам служэння Радзіме. Бо незалежнасць – гэта не толькі палітычны статус, але і штодзённая праца, асабістая адказнасць за сучаснасць і будучыню сваёй краіны. Менавіта такімі якасцямі валодаюць тыя, каму сёння прысвойваецца высокае званне. Тыя, у кім сіла Беларусі. Не ў золаце і не ў нафце, не ў амбіцыях і лозунгах, а ў тых, хто на сваёй зямлі кожны дзень працуе сумленна і з любоўю».

Губернатар адзначыў, што за кожным імем 24 жыхароў вобласці, каму прысвоена званне, – асаблівая гісторыя, якая заслугоўвае асобнай кнігі. І сярод іх сёлета – два нашы землякі.

У намінацыі «Чалавек на зямлі» адзначаны аператар машыннага даення сельскагаспадарчага прадпрыемства «Свяцілавічы-Агра» Тамара Ганчарова і трактарыст-машыніст ААТ «Стаўбунскі» Мікалай Вайцянкоў.

 


* * *

Мікалая Аляксандравіча Вайцянкова мы засталі на мехдвары ААТ «Стаўбунскі» ў запале работ па падрыхтоўцы камбайна да ўборкі рапсу.


– Азімы ячмень ужо сабралі, цяпер трэба тэхніку падцягнуць для наступных работ, – усміхаецца ён, расказваючы пра бліжэйшыя планы.

Разам з ім рамонтам заняты яго сярэдні сын. Дынастыя Вайцянковых у сельскай гаспадарцы абяцае працягнуцца.

Мікалай Вайцянкоў – механізатар са стажам. У сельскай гаспадарцы з 1997 года – адразу пасля школы. Спачатку слесарам працаваў, потым стаў памочнікам на «бульбяным» камбайне – тады бульбы ў гаспадарцы шмат сеялі, затым на збожжавым. Адвучыўся на трактарыста. Калісьці ў маладосці, пасля арміі, быў шанц павярнуць лёс інакш, з'ехаць з роднага Стаўбуна. З'явіліся думкі нешта памяняць у жыцці, але ўмяшаўся дырэктар гаспадаркі.

– «Абдурыў» тады новым трактарам, – смяецца Вайцянкоў. – А калі сур'ёзна, бо для мяне гэта не толькі праца, але і хобі. Падабаецца мне.

Так і застаўся. Зараз Вайцянкову давяраюць у гаспадарцы ўсе агрэгаты: усё ўмее, усё можа. Як пачынае сезон у сакавіку, так у лістападзе заканчвае. Ва ўборачную перасаджваецца на камбайн. І пра свой выбар не шкадуе.

Пра тое, што яго ўдастоілі такога ганаровага звання, Мікалай Аляксандравіч даведаўся дня за тры да ўзнагароджання. Паставіўся стрымана, хоць і быў прыемна здзіўлены. Кажа, што па ўласцівасці сваёй вылучацца не любіць, але быць у ліку лепшых для яго не ў навіну. На камбайне трэці год лідзіруе ў раёне. Дома на ўсю сцяну рамкі з ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі за працу на трактары і на камбайне.

– Гэта ідэя жонкі. З 2010 года пачала збіраць – з таго часу, як маё фота размясцілі на Дошцы гонару Веткаўскага раёна. Я тады больш за ўсіх засеяў у раёне – 4100 гектараў. Ну і далей пайшло-паехала…

Усміхаючыся, прызнаецца, што, як і ўсё, калі працуе, імкнецца адсочваць, як справы ў камбайнераў-канкурэнтаў, колькі намалацілі.

– Гэтая гонка, мусіць, ужо ў крыві – перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сярод мэханізатараў-трактарыстаў такога я не заўважаў. Да, садзішся за руль на світанні і вылазіш на захадзе. Працуем – трэба ж камусьці працаваць. І дома гаспадарку трымаем. Сеем бульбу. Жонка паспявае, за ўсім глядзіць. Я, калі ёсць магчымасць, дапамагаю. Ну і дзеці, канешне. У нас з жонкай 5 сыноў і дачка. Толькі двое яшчэ ў школу ходзяць, астатнія ўжо дарослыя.

Пра паездку ў Гомель на цырымонію ўспамінае нібы пра вакацыі:

– Размясцілі нас у першым шэрагу, потым на сцэну выклікалі. Губернатар Іван Іванавіч Крупко, калі руку паціскаў, хваліў: «Малайцы! Дзякуй за працу!». Затым дэлегацыі ў парк і ў палац павялі на экскурсію, прагулку зладзілі на цеплаходзе. Сапраўды кажучы, у парку першы раз быў: недалёка жыву, ды часу няма, усё працую.

І гэта не для прыгожага слоўца. Чалавек сапраўды пагружаны ў сваю працу.

* * *

Худзенькая і ўсмешлівая Тамара Іванаўна сустракала нас дома, у законны выходны. Хвалявалася, быццам іспыт трымала.


Узнагарода і званне «Чалавек года» сталі для яе вялікай нечаканасцю. Хоць грамат і падзяк у даяркі Тамары Ганчаровай за 33 гады працоўнага стажу нямала.

– Памятаю, як атрымлівала першую грамату, – шчыра ўсміхаецца яна. – Дырэктар выклікаў у кантору і ўручыў асабіста. Ды яшчэ кветкі падарыў. Ой, якая радасць была! Я тады ўсяго гадоў пяць як працавала.

Мы плаўна пераходзім да расказу аб пачатку працоўнай дзейнасці. Ёй яшчэ і 17 гадоў не было, як яна ўладкавалася на працу даяркай у Глухаўку. Адзіная з усіх аднакласніц, хто звязаў сваё жыццё з сельскай гаспадаркай.

– За 33 гады колькі ўсяго памянялася на ферме: і назваў, і кіраўнікоў! Усе мяне паважалі і ставіліся да мяне добра. Тады ў нас было па 40–50 галоў на даярку, кожную карову ведалі, цялятаў выходжвалі. Цяпер прасцей – «ёлачка», і цялятамі займаюцца цялятніцы. А я цяпер працую на раздоі. Там на кожны бок «ёлачка» па 4 галавы. На раздое не кожны зможа. Паспрабуй-ка даіць, калі яна ў першы раз ацялілася. Калі што не спадабаецца, як урэжа! – смяецца Тамара Іванаўна. Погляд незнарок падмячае, што пальцы і рукі ў яе жылістыя, моцныя – і гэта пры агульным далікатным абліччы.

Яна расказвае, як прымала роды, пра тонкасці прафесіі. І разумееш, што чалавек гэты рэальна хварэе сваёй справай, моцны прафесіянал. І наколькі невыпадковая узнагарода. Сціплы і самаадданы працаўнік – гэта пра яе.

І зноў успамінае пра паездку ў Гомель.

– Як мне спадабалася! Вы не ўяўляеце! І канцэрт, і цырымонія, і цеплаход! Наша дэлегацыя з Веткаўскага раёна з трох чалавек была: двое ўзнагароджаных і прадстаўнік упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама.

Раптоўнае, асабліва «жаночае» пытанне яе бянтэжыць і радуе адначасова: які ўбор яна падрыхтавала да цырымоніі ўзнагароджання ў Гомелі?

– Муж сказаў: паехалі, касцюм табе купім. Каб прыгожая была, – кажа Тамара Іванаўна, і вочы яе загараюцца. – І купіў. Сіняга колеру. Першы раз у жыцці ў мяне з'явіўся гарнітур. Можа, яшчэ калі-небудзь надзену: на дажынкі ці на выхад які-небудзь.

І няхай толькі аднойчы можна стаць лаўрэатам прэміі «Чалавек года» Гомельскай вобласці, героям нашага матэрыялу ў далейшым бяздзейнасць не пагражае. Наперадзе яшчэ шмат працы. Лета ў сельскай гаспадарцы – самы сезон.


Яндекс.Метрика