Меню
Старшыня Веткаўскага раённага выканаўчага камітэта
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
08.12.2024
8 снежня 1926 года быў утвораны Веткаўскі раён
8 снежня 1926 года на тэрыторыі Веткаўскай воласці Гомельскага павета Гомельскай (раней — Магілёўскай) губерні быў утвораны Веткаўскі раён.
Вядома, Веткаўская зямля мае больш глыбокую і багатую гісторыю. У 2019 годзе археолагі з Нацыянальнай акадэміі навук пасля вывучэння стаянкі першабытных людзей ля аграгарадка Навасёлкі прыйшлі да высновы, што знойдзеным тут артэфактам можа быць каля 40 тысяч гадоў. А гэта значыць, што на Веткаўшчыне знаходзіцца самае старажытнае са знойдзеных паселішчаў людзей на тэрыторыі Беларусі.
Першыя населеныя пункты на тэрыторыі сучаснага Веткаўскага раёна ўпершыню згадваюцца ў дакументах XV стагоддзя: Навасёлкі, Прысна і Хальч — 1443 года, Шарсцін — 1450-га, Свяцілавічы, Галадное, Ухава — 1503 года.
За многія стагоддзі свайго існавання Веткаўшчына ўваходзіла ў склад розных дзяржаў і адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. У XVI стагоддзі большая частка тэрыторыі раёна была падзелена паміж Гомейскай і Чачэрскай воласцямі Вялікага Княства Літоўскага. У 1722 годзе тэрыторыя Веткаўшчыны ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай (на той момант у раёне Веткі налічвалася 23 слабады старавераў, у якіх пражывала да 40 тысяч чалавек). А з 1772 года, пасля першага падзелу польскай дзяржавы, Ветка ўвайшла ў склад Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. З 1784 года Ветка — мястэчка Беліцкага, з 1852 года — Гомельскага павета Магілёўскай губерні.
У 1919 годзе Ветка значыцца ў складзе Гомельскага павета РСФСР, а з 1926-га — у складзе БССР. 8 снежня 1926 года наш горад стаў цэнтрам асобнага раёна ў складзе Гомельскай акругі Беларускай ССР.
4 жніўня 1927 года да раёна было далучана 5 сельсаветаў скасаванага Добрушскага і 29 сельсаветаў скасаванага Свяцілавіцкага раёнаў. Першапачаткова ў склад Веткаўскага раёна ўваходзіла 24 сельсаветы, але да канца 1927 года агульная колькасць сельсаветаў дасягнула 58. Па гэтай прычыне 30 снежня 1927 года было праведзена ўзбуйненне сельскіх саветаў — так іх колькасць скарацілася ўдвая.
12 лютага 1935 года 3 веткаўскія сельсаветы былі перададзены зноў утворанаму Добрушскаму, а 14 сельсаветаў — зноў утворанаму Свяцілавіцкаму раёну. 20 лютага 1938 года наш раён увайшоў у склад Гомельскай вобласці. Да пачатку 1941 года ён складаўся з 14 сельсаветаў.
На працягу 1956-1962 гадоў у БССР праводзілася ўзбуйненне раёнаў, якое сёння нагадвае чахарду ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні краіны. Судзіце самі. У снежні 1956 года Веткаўскаму раёну было перададзена 8 сельсаветаў паўторна скасаванага Свяцілавіцкага раёна, а 2 сельсаветы Веткаўскага раёна ўвайшлі ў склад Добрушскага раёна. У лістападзе 1957-га і сакавіку 1960-га да нашага раёна былі далучаны па адным сельсавеце Чачэрскага раёна. 25 снежня 1962 года Веткаўскі раён і зусім быў скасаваны, а яго тэрыторыя далучана да Гомельскага раёна. Але ў 1965-1966 гадах было праведзена аднаўленне, а таксама стварэнне новых раёнаў — так 6 студзеня 1965 года Веткаўскі раён быў створаны паўторна, прычым да яго тэрыторыі дадалі 2 сельсаветы, перададзеныя Добрушскаму раёну дзевяццю гадамі раней.
З тых часоў адміністрацыйна-тэрытарыяльны статус Веткаўскага раёна не мяняўся. Адзіным моцным ударам па яго тэрыторыі сталі толькі постчарнобыльскія гады, калі з-за павышанага ўзроўню радыяцыі раён пакінулі больш за 20,3 тысячы мясцовага насельніцтва, а сваё існаванне спынілі 59 населеных пунктаў, 8 сельгаспрадпрыемстваў і 8 сельсаветаў.
Але, нягледзячы на ўсе гістарычныя перыпетыі, Веткаўшчына працягвае жыць і з'яўляецца адным з найпрыгажэйшых куткоў квітнеючай Беларусі!
М. ЮРЧАНКА