У Веткаўскім раёне ўборачная кампанія – 2018 рухаецца да свайго завяршэння. Работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў імкнуцца без страт убраць вырашчаны ўраджай. Але разам з тым, нельга забываць і аб захаванні патрабаванняў пажарнай бяспекі, бо так лёгка ў адно імгненне страціць тое, на што было затрачана столькі сіл, ведаў, часу і сродкаў.
Работнікі Веткаўскага раённага падраздзялення МНС сумесна з прадстаўнікамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама працягваюць праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы ў месцах падрыхтоўкі і рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, уборкі, захоўвання і перапрацоўкі збожжавых культур. Асаблівая ўвага надаецца захаванню супрацьпажарнага рэжыму, наяўнасці першасных сродкаў пажаратушэння і іх спраўнасці. З экіпажамі камбайнаў і асобамі, задзейнічанымі на зернесушыльных комплексах, праводзяцца супрацьпажарныя інструктажы, на практыцы адпрацоўваюцца першачарговыя дзеянні па ліквідацыі магчымай надзвычайнай сітуацыі.